МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНЫ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т.
Дзейнічаў з лют. 1908 да пач. 1-й сусв. вайны. Створаны ў Мінску Сінодам пры Мінскай епархіі па ініцыятыве інтэлігенцыі для збору і вывучэння старажытнасцей на тэр. Міншчыны. К-т праводзіў даследаванні і апісанні помнікаў даўніны і гісторыі, збор і запісы фальклору, вывучэнне манастырскіх архіваў, меў бібліятэку і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Члены к-та чыталі лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі. У яго рабоце ўдзельнічалі вядомыя навукоўцы Дз.І.Даўгяла, А.А.Шахматаў. К-т выдаў зб. дакументаў «Мінская даўніна» і 1-ы вып. кнігі «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаў бібліятэкі Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» (1909).
А.С.Жмуроўскі.
т. 10, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)